КЮРЫ́ ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)